ФУКО́ МА́ЯТНІК,

спецыяльна сканструяваны маятнік, ваганні якога пацвярджаюць сутачнае вярчэнне Зямлі. Уяўляе сабой масіўны груз, падвешаны на доўгім (да некалькіх дзесяткаў метраў) падвесе (дрот, моцная нітка), верхні канец якога так замацаваны (напр., пры дапамозе карданнага падвеса), што дазваляе маятніку вагацца ў любой верт. плоскасці.

Сіла цяжару маятніка і сіла нацяжэння падвеса ляжаць у адной плоскасці і не могуць змяніць плоскасць ваганняў маятніка. Таму адносна інерцыяльнай сістэмы адліку, звязанай, напр., з «нерухомымі зоркамі», плоскасць ваганняў Ф.м. захоўваецца. У неінерцыяльнай сістэме адліку, звязанай з Зямлёй, праяўляюцца сілы інерцыі, дзеянне адной з якіх (гл. Карыяліса сіла) і вядзе да павольнага павароту плоскасці ваганняў Ф.м. адносна паверхні Зямлі ў напрамку, процілеглым яе вярчэнню. На Паўн. і Паўд. полюсах плоскасць ваганняў маятніка паварочваецца дакладна на 15° кожную гадзіну і робіць поўны абарот на 360° за зорныя суткі. У пункце зямной паверхні, геагр. шырата якога φ, адпаведны вугал павароту будзе α = 2 π sinφ. Для Мінска φ = 54°, α = 290°. Сканструяваны Ж.Б.​Л.​Фуко ў парыжскім Пантэоне ў 1851, даўж. 67 м. Вядома каля 20 дзеючых Ф.м. розных канструкцый, напр., у будынку ААН (Нью-Йорк), Нац. музеі амер. гісторыі (Вашынгтон), Сіднейскім ун-це.

На Беларусі Ф.м. спец. канструкцыі ў выглядзе чатырохграннай зашклёнай піраміды ўстаноўлены ў пед. ун-це імя М.​Танка (2002).

Літ.:

Верин А. Опыт Фуко. Л.;

М., 1934;

Востоков Е.И. Опыт Фуко, доказывающий вращение Земли вокруг своей оси. 2 изд. Л., 1940.

У.​А.​Якавенка.

Фуко маятнік у Беларускім педагагічным універсітэце імя М.​Танка: шар масы 27 кг на стальным падвесе вагаецца з перыядам 5,5 с у замкнёнай пірамідзе вышынёй 7 м.

т. 16, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)